9 верасня навучэнцы 432-й групы з куратарам С.Т. Крэчка і майстрам вытворчага навучання М.В. Савановіч правялі суботні школьны дзень у бібліятэцы каледжа. Бібліятэкар Л.Л. Вдавенка прапанавала прысутным прэзентацыю “Напісанае застаецца”, пры дапамозе якой пазнаёміла вучняў з помнікамі кніжнай культуры Беларусі.
Разам з бібліятэкарам юнакі і дзяўчаты ўспомнілі, калі на тэрыторыі Беларусі з’явілася кніга, якія функцыі яна выконвала, з якіх матэрыялаў была выраблена і які мела знешні выгляд. З прэзентацыі навучэнцы даведаліся пра першыя беларускія рукапісныя кнігі, такія як Тураўскае, Полацкае, Слуцкае Евангеллі, пра Жыціе Еўфрасінні Полацкай. Успомнілі таксама нашага першадрукара і асветніка Францыска Скарыну, які ў 1517 годзе надрукаваў першую кнігу з Бібліі на тагачаснай беларускай мове, якая называлася “Псалтыр”. Бібліятэкар Л.Л. Вдавенка расказала таксама, што такое факсімільнае выданне і якую ролю яно выконвае ў справе пашырэння ведаў пра гісторыю і культуру нашай краіны.
Напрыканцы вучні запісаліся ў бібліятэку і атрымалі падручнікі на новы навучальны год.