У чытальнай зале бібліятэкі каледжа працягвае сваю работу выстава “Помнікі кніжнай культуры Беларусі”, якая арганізавана аддзелам мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага. На выставе прадстаўлены факсімільныя выданні помнікаў кніжнага пісьменства нашай краіны ад першых рукапісных кніг да першых старадрукаў і больш позніх выданняў, а таксама прыклады яркага мастацкага афармлення сучасных кніг і альбомаў.
Вядучы бібліятэкар аддзела мастацтва Пугачэўская Таццяна Васільеўна прапанавала навучэнцам 1-га курса 457-й групы, куратар – М.І. Басінская, прэзентацыю “Человек и книга», з якой яны даведаліся аб з’яўленні і бытаванні першых у свеце кніг, такіх як шумерскія гліняныя таблічкі, егіпецкія папірусы, сярэдневяковыя пергаментныя кнігі.
Напрыканцы мерапрыемства навучэнцы мелі магчымасць патрымаць у руках і пагартаць старонкі Тураўскага, Полацкага, Слуцкага Евангелляў, створаных у ХI – XVI стагоддзях і шматлікіх іншых кніг, прадстаўленых на выставе. Са зместам кніжнай выставы таксама пазнаёміліся навучэнцы 2-га курса 445-й групы, якія прысутнічалі на мерапрыемстве разам з куратарам А.І. Пякарскай.






